На Стаўбцоўшчыне стартаваў Тыдзень лесу-2022. Сярод валанцёраў быў і міністр лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Віталій Дрожжа.
Пасадкі лесу праходзілі на дзялянцы плошчай 2,3 га паблізу вёскі Бярозаўка, дзе ў пачатку гэтага года быў выразаны спелы лес. Пасадачны матэрыял дастаўлены з гадавальніка Стаўбцоўскага лясгаса. Гэта саджанцы і сеянцы сасны, елкі, бярозы, ліпы — усяго каля шасці тысяч штук.
Не зважаючы на дождж, у першых радах працавалі работнікі Стаўбцоўскага лясгаса і Мінскага дзяржаўнага лесагаспадарчага аб’яднання. Да дарослых далучыліся і вучні Шашкоўскай СШ. Юным памочнікам міністр лясной гаспадаркі ўручыў падарункі на памяць.
Тыдзень лесу праходзіць ва ўсіх лясніцтвах раёна, а цёплае і вільготнае надвор’е спрыяе таму, каб насаджэнні прыжыліся і пайшлі ў рост. Лесаводы абяцаюць, што гадоў праз сем высаджаныя лясныя культуры дасягнуць двухметровай вышыні, а праз 80 гадоў будуць спелым лесам.
Інф. І фота - Таццяна ПЯТКЕВІЧ, https://www.pramen-news.by/?p=53019